ТРЫНАЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1454—66,

вайна паміж Тэўтонскім ордэнам і Польскім каралеўствам. Пачалася ў лют. 1454 паўстаннем супраць ордэна, падрыхтаваным т.зв. Прускім саюзам (створаны ў 1440, аб’ядноўваў апазіцыйныя ордэну гарады, дробных рыцараў Памор’я Прусіі). З-пад улады ордэна былі вызвалены Гданьск, Торунь, Эльбланг, Кралявец (Кёнігсберг). У сак. 1454 польскі кароль Казімір IV абвясціў пра ўключэнне зямель ордэна ў склад Польшчы. Польскае апалчэнне ўступіла ва ўладанні ордэна, аднак у вер. 1454 пацярпела паражэнне каля Хайніцаў. Вайна прыняла зацяжны характар, ордэн атрымаў падтрымку Брандэнбурга і інш. герм. княстваў. Паваротным пунктам у вайне стала перамога польскіх войск у 1462 у бітве каля Жарноўца; шэраг паражэнняў войскі ордэна пацярпелі ў 1465—66. Скончылася вайна Тарунскім мірам 1466, паводле якога Польскае каралеўства зноў атрымала выхад да Балт. м.; вярнула сабе Усх. Памор’е з г. Гданьск, Хэлмскую і Міхалоўскую землі з г. Торунь, зах. частку Прусіі і Вармію. Тэўтонскі ордэн, пад уладай якога засталася Усх. Прусія, прызнаў сябе васалам польскага караля.

т. 15, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)